Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яжынская кажа ўсім, якія працуюць, сялянам: „Памажы Божа“… пасьля заходзіць у хаты, адведвае хворых і памагае, дзе можа. Яна рабіла-б гэта і без палітыкі, бо ў яе добрае сэрца, але ў імя палітыкі тым болей. Чаго толькі яна не зрабіла-б у імя гэтае палітыкі?! Пані Яжынская не адважваецца толькі прызнацца мужу, што ёй страшэнна хочацца паехаць на сходку сялян, — яна навет злажыла адпаведную выпадку прамову. Што гэта за прамова! што гэта за прамова! Праўда, яна найхутчэй за ўсё, не адважылася-б яе сказаць, але каб сказала, дык… эфэкт быў-бы нязвычайны! А калі ў Пагнэмбін прыйшла вестка, што ўлады разагналі сходку, дык „вялікі палітык“ са злосьці расплакаўся ў сваім пакоі, падраў насавую хустачку і цэлы дзень хадзіў з пачырванеўшымі ад сьлёз вачыма. Дарэмна муж прасіў яе і ўгавараваў ня прыймаць гэтага так блізка да сэрца і не паддавацца да гэткае ступені роспачы. У чародны дзень агітацыя ў Пагнэмбіне вялася з яшчэ большаю энэргіяй і гарачкаю. Пані Яжынская не адступае цяпер ні перад чым. За адзін дзень яна адведвае дваццаць хатаў і гэтак гучна лае немцаў, што муж павінен яе стрымліваць, хаця, праўду кажучы, няма ніякае небясьпекі. Сяляне прымаюць яе з радасьцю, цалуюць ёй рукі, прыветна усьмяхаюцца ёй, таму што яна гэткая прыгожая, мілая, так што куды ні зайдзе, у ўсіх на душы робіцца сьвятлей. Па чарзе яна ўвахозіць і ў Бартэкаву хату. Лысы яе ня пушчае, але Магда з гарачкі пушчае ў яго паленам.