Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

будзеш сядзець тутака, як кароль, табе будзе цёпла і жэрці табе дарма дадуць, а цяпер пайдзеш да хаты працаваць. Юсту аддамо доўг, можа пан дасьць бяз ніякіх процантаў, а калі нам ня ўдасца расплаціцца ўвосень, дык я папрашу ў пані пачакаць. Хай яе крые Маці Божая… Чуеш…

— Трэба праўду сказаць — добрая пані, — прамовіў Бартэк.

— Пакланіся ёй у ногі, а не, дык я табе галаву скручу. Абы толькі Бог даў ураджай! Цяпер бачыш, адкуль ратунак? Ад немцаў, ці што? ці далі яны табе хаця грош за твае дурныя мідалі? га? яны табе далі па мазгаўні дый годзі. Дык паклонішся ёй у ногі? Чуеш?

— Чаму-ж не пакланіцца! — шпарка адказаў Бартэк.

Здавалася, што лёс ізноў усьмяхаўся пераможніку. Цераз некалькі дзён яму заявілі, што з прычыны хваробы ён звальняецца з вастрогу аж да зімы. Аднак-жа перад гэтым ляндрат паклікаў яго да сябе. Бартэк зьявіўся. Гэты мужык, які са стрэльбаю ў руках захапляў ў непрыяцеля штандары і гарматы, цяпер пачаў баяцца кожнага мундзера горш як сьмерці; ён несьвядома адчуваў, што яго прасьледуюць, што з ім могуць зрабіць усё, што захочуць, што над ім ёсьць нейкая вялізарная варожая да яго і злая сіла, якая можа зьнішчыць яго, калі ён здумае працівіцца ёй. Бартэк стаяў перад ляндратам выпрастаўшыся і рукі па швох, як некалі перад Штэйнмэцам. У пакоі, апрача ляндрата, было яшчэ некалькі