Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

конь, і бяз жонкі ня мог-бы ўправіцца з гаспадаркаю. Пра ўсё прыходзілася дбаць і думаць толькі ёй адной. Вось і цяпер яна ўсюды хадзіла, прасіла, клапацілася і, нарэшце, выпрасіла. Праз тыдзень пасьля першых адведзінаў, Магда йзноў прыбегла да Бартэка радасная і шчасьлівая.

— Як маешся, Бартэк! — радасна гукнула яна, — ведаеш, прыехаў пан. Ажаніўся ў Каралеўстве Польскім, жонка яго, быццам ягадка. А колькі ён дабра ўзяў за ёю, дык а-ёй!

Сапраўды ўласьнік Пагнэмбіна ажаніўся, прыехаў з жонкаю ў свой двор і праўда, што ўзяў за ёю шмат „усялякага дабра“.

— Дык што-ж з таго? — спытаўся Бартэк.

— Маўчы, дурны, — сказала Магда. — Ох!.. як я задыхалася!.. О, Божа!.. Пайшла я пакланіцца пані, гляджу: выходзіць да мяне, быццам каралеўна якая-нібудзь, маладзенькая, як вясьняная кветачка, і прыгожая, як зорка… Вось сьпёка! ух, як я задыхалася!..

Магда пачала выціраць хвартухом свой спацеўшы твар. Праз мінюту яна йзноў казала перарыўчатым ад утомы голасам:

— Вопратка на ёй была блакітная… Я ўпала да яе ног… яна дала мне сваю руку, я пацалавала яе, а ручкі-ж у яе, пахнючыя і маленечкія, быццам у дзіцяці. Пані добрая і спачувае людзкому гору. Я пачала прасіць у яе выратаваць нас… А яна кажа: „Што я магу зрабіць, тое зраблю“. Голас у яе гэтак прыемны, тоненькі. Калі я расказала, які ў Пагнэмбіне няшчасны народ, дык