Старонка:Shanujce.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ШАНУЙЦЕ І ЛЮБІЦЕ СВАЮ РОДНУЮ МОВУ

(Нашым слаўным дзецям, піянерам і школьнікам)

У Расіі быў вялікі педагог Канстанцін Дзмітрыевіч Ушынскі. Усё сваё жыццё ён прысвяціў школьнай справе, выхаванню маладога пакалення. Яго кнігі, напісаныя для пачатковых школ, глыбока прадуманы і складзены з вялікай любоўю. Ён напісаў школьныя чытанкі для першага і другога года навучання «Родное слово» і дзве кнігі «Детский мир». Гэтыя кнігі не страцілі свайго значэння і ў нашы дні. І цяпер кожны з вас зачытваецца творамі Ушынскага — кароткімі, змястоўнымі, цікавымі расказамі.

Ушынскі натхнёна любіў мову народа, сваё роднае слова, і ў сваіх маладых выхаванцах ён выклікаў пачуццё любві і замілавання да мовы народа.

Нашы беларускія пісьменнікі, кроўныя дзеці свайго народа, не адзін раз гаварылі ў сваіх творах аб вялікім значэнні роднага слова, аб тым, як трэба любіць і шанаваць яго.

Беларускі народ, як і кожны народ, мае сваю багатую гісторыю, гісторыю барацьбы супроць прыгнятальнікаў, барацьбы за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за сваю незалежнасць. Толькі Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя дала яму дзяржаўнасць і прынесла поўную нацыянальную і сацыяльную незалежнасць, забяспечыла буйны росквіт роднага слова, мовы народа, якую пранёс ён праз вякі і не страціў яе.

Савецкі перыяд у гісторыі беларускага народа — гэта сапраўдны залаты век яго развіцця. Пышным цветам расцвітае наша культура, нацыянальная па форме, сацыялістычная па зместу.