Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жонка адвярнулася да сьцяны, і праз мінуты дзьве заіграла носам. А Андрэй ешчэ доўга лежаў з аткрытымі вачыма і разважаў. Страшные думкі лезьлі ў яго галаву. А што, калі хто удасьць яго? Прыдзе вураднік, стражнікі з аб’ешчыкам і лясьнікамі, зробяць вобыск і напэўна знойдуць у яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобные здарэньні. Моташна рабілася ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шляпакі, накінуў на плечы кажух і вышаў на двор. Божэ, якая цёмная ноч! Здавалася, неба блізка-блізка нахілілася к зямлі і ціснула яе сваім густым і цяжкім змрокам. І ўсё вокал было так глуха, так нема, ўсё роўна як закамянела, або вымерла. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скалахнула: здаецца, цяпер каб і золатам абсыпалі яго, ён не пашоў-бы туды; як толькі хапіла ў яго адвагі ісьці туды, ў такую цемраж! У сяле было так сама ціха і глуха, нават сабакі і тые ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважываліся зрабіць між сабой пярэклічку. Толькі ў Яхіма хлявушку заблеяла жаласна ягнятка, згубіўшы сваю матку, і зараз-жэ пачуўся кароткі атказны воклік старой авечкі: „Ідзі да мяне!“ ды часамі