Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сьмерць і памрэш. Зяханеш разоў два і німа!.. Я бачыў, як уміраў мой дзед Гаронім. У хаці мы былі адны з дзядзькам. Як дзед сканаў, дык дзядзька атчыніў комін.

— На вошта? — спытаў Грышка

— Каб душа выходзіла… І страшна, брат, страшна стала!

— Я-б у хаці ня ўседзіў! — стрэпянуўшыся, сказаў Грышка і потым дабавіў:

— Вось, каб яе пяруны з гэтаю-сьмерцьцю. Каб злавіў дзе, халеру, ды спаліў. Тады людзі жылі-б і жылі.

— Калі-ж бо для яе німа сьмерці.

— У сьмерці німа сьмерці, — сказаўшы гэта, Грышка углыбіўся ў думкі.

— Што-ж, брат: каб гэту сьмерць узяла другая сьмерць, дык зноў-бы сьмерць асталася. Ніяк, брат, ад яе ня выкіруешся.

— А што, Грышка: калі я памру і па сьмерці буду прыходзіць да цябе, ці будзеш ты баяцца?

— Кіньма гаварыць! чорт яе бяры с сьмерцьцю, — сказаў Грышка, падняўся, азірнуўся і пачаў сьвістаць, каб адагнаць паганые думкі.

Хлопцы сьціхлі і задумаліся.

Было тут у дубох адно мейсца, дзе Базыль любіў сядзець, пазіраць і думаць.