Перайсці да зместу

Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

чык, катораму уся цэна тры грошы. І толькі ў злосьці назваў Грышка Базыля Насалём — у Базыля быў дойгаваты нос, — а Базыль Грышку абазваў Рабэйзаю. Але рэдкіе здарэньня лаянкі толькі на кароткі час раскідалі іх дружбу, і хлопцы скора зноў гадзіліся, посьле чаго Базыль, водзячы пальцамі па носі, гаварыў:

— Здаецца, мой нос, Грышка, не такі ўжо вялікі?

— Ды не! — супакоіваў яго Грышка: — твой нос — мерны нос. Вось я, дык праўда рабы! — гаворачы так, Грышка хацеў учуць пацьвярджэньне Базыля, што ён не так-то рабы, бо сам Грышка не лічыў сябе рабым.

— Што тваё за рабаценьне! — казаў Базыль: — зімою зусім не знаць, а цяпер проста сонцэ трошкі асмаліла твар.

І хлопцы зноў былі дружкамі і пачыналі гульню або гаворку аб чым-небудзь. Гаворка у іх бадай ніколі ня зводзілася, а вакруг было так многа ўсяго, што давала ім страву для гутаркі.

Улягуцца часамі хлопцы пад дубом; Грышка ляжэ на спіну і колькі мінут моўчкі угледаецца на той дуб, пад каторым лежалі.