Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сваіх, ня мог ён знайсьці тэй радасьці, тых супольных інтэрэсаў, таго жывога цэмэнту, што еднае іх дзяціны круг. І не адзін раз, бывала, у нядзельку вечарам, калі бацькі вернуцца з рынку і накупляюць сваім дзеткам і абновак і уселякіх гасьцінцаў, з зайздрасьцью пазіраў Юрка на радасьць сваіх таварышаў, стоячы збоку ад іх, бо і дзеці дзеляцца гасьцінцамі толькі с тымі, ад каго самі могуць атрымаць гасьцінцы. Па той прычыне Юрка перастаў кампанаваць са сваімі таварышамі і мусіў разважацца сам сабою. Але і пагуляць беднаму хлопчыку не было калі: трэба было няньчыць малую Дароту, а кожную забаўку, гульню прыходзілася купляць цаною папіханак і штурханцоў. Юрка рос закіданым хлопчыкам. А калі і выпадалі сьветлые мінуціны у яго жыцьцю, то за іх ён павінен сказаць „дзякуй“ сваёй цётцы Тарэсі. Праўда, цётка была бедна, у самой не ставала хлеба, але ўсё-ж яна рабіла што колечы, каб даць хоць якую палёгку свайму пляменніку. З-за яго яна пасварылася з мачыхаю Юркі і з братам сваім, яго бацькам, і перэстала заходзіць да іх у хату. У сьвятые дні, бывала, цётка, клікала Юрку і ішлі з ім у лес зьбіраць