Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ніць пустое вядро на плечах маладзіцы, ці дзяўчыны, з рэчкі дакоціцца крык плытнікаў і рыбакоў, дзесь-то з боку звонка гучаць дзіцячые галасы, адным словам ад усюль даносяцца зыкі жыцьця; ўсе, каму йшчэ трэба прайсьці свой круг, шумяць і гаманяць і робяць сваю работу. Адзін толькі Базыль лішні тут і усім чужы, толькі для аднаго яго міма праходзіць гэтае жыцьцё.

І сядзіць ён, пакурывае старую люльку, абапёршыся на кіёчак, і нешта думае, апусьціўшы у зямлю свае невідушчые вочы. Аб чым-жэ ён думае? Можэ аб тым, што ён такі адзінокі і забыты, што ўсе яго таварышы даўно ўжо лежаць пад крыжамі, і толькі ён, як той стары падгніўшы дуб, растраціўшы сваё лісьця, стаіць між зялёнымі дубамі і ўжо ня можэ сьпеваць з імі у вадзін тон песьню жыцьця.

Адно толькі чуецца ў гэтых думках старасць — чуецца ў іх смутак, бо цяжка стаяць над магілаю свайго жыцьця і пазіраць на яго разваліны.