Перайсці да зместу

Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

грошы і ўсю пэнсію за цэлые месяцы ўперад. Ён гатоў быў прайграць усё, пачынаючы сурдутом і канчаючы порткамі. Гэта была натура, каторая не любіла спыняцца на палавіні дарогі“… Шкада толькі, што наш прамовец ня скончыў сваю прамову: ніхто яго ня слухаў, кожны пазіраў на свае карты. А ў гэтым месьці мовы Антосевай якраз вышоў яго званковы кароль у чацьвёртым раду, і Антось Гладыш сам спыніў сябе, адвярнуўшы караля і гукнуўшы: „Руп сорак!“

Мяне бярэ крыўда за зневажэньне памяці нябошчыка. А мне хочэцца паказаць вам нябошчыка ва ўвесь яго рост. Часта, як быў жыў, чытаў мне нябошчык свой днёўнік, куды ён запісываў усё, што было вартае ўвагі. Аднаму мне даверыў ён сваю тайну, тайну свайго пісьменства, і я не магу стрымацца, каб ні падзяліцца з вамі яго багатай спадчынай, аткуль вы самі убачыце, якая душа тулялася у яго кволым целе.

Вечны спакой табе! Ніхай будзе так лёгка табе земля, як была цяжка твая ігроцкая доля!