Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рэч і ў апошні раз папрашчацца з горадам, хлабыснуўшы на дарогу шклянку піва. Мікалаю нічога гэтаго ня трэба было, і каб яго хто запытаў тагды, што ў яго на карку—капуста, гарбуз ці галава, то ён зразу напэўна не адказаў-бы па тэй прычыне, што ён ня чуў галавы. Скарэй усяго яму здавалася, што на плечах у яго быў кацёл.

Мікалаёў конік, ня чуючы над сабою цьвёрдай гаспадарскай рукі, пачынаў па-трошкі лайдачыць: ён ішоў то адным краем дарогі, то другім, то сярэдзінай, балазе дарога была шырокая; а часамі проста, атпачываў і толькі азіраўся, ці зважае гэта гаспадар, ці не бярэцца ён за пугу; або падыходзіў да чужога воза, цягаў сена, смакаваў канюшыну, вялікі быў ласун на шчот торбы з аўсом. Шукаючы аўса ён скінуў торбу с сольлю с чужога воза. „Купіў не купіў, а патаргаваць можна“,—разважаў Мікалаёў конь. Праўда, ён дастаў сабе па мордзі, ды ці варта на гэта зьвертаць увагу? А Мікалай ні варушыўся і лежаў як нябошчык. Покі адышоўся конік вярсты тры ад гораду, прайшло добрых тры гадзіны часу. Людзі йшлі і ехалі. Шырокая дарога гаманіла, гула і стагнала ад людзкіх галасоў, груку калёс і стуку капытоў.