Дзяліцьба ідзе вось у якім парадку: перш-на-перш на пляц выступаюць бабы.
Бабы сварацца год, год с палавінай, а то і цэлых тры. (Мой нябошчык дзед казаў, што яго нябошчыца жонка сварылася з яго нябошчыцай братавай цэлых дванаццаць гадоў!). Наўперад бабы сварацца па троху, — так, гадзіну, дзьве ў дзень. Потым сварцы адводзіцца больш часу — гадзін 5-6.
Да гэтаго часу мужчыны яшчэ маўчаць, набіраюцца толькі злосьці. Мужчыны сварацца часьцей у вечар, ці у сьвяты дзень, бо ў будні німа часу. А бабы тым часам пачынаюць пробаваць моц сваіх чубоў. Вараць яны у аднэй печы, але у асобных гаршчках. Дастаецца тут і бедным гаршчкам! А ўжо посьле жанок бьюцца мужчыны.
Каб падзяліцца, ешчэ мала пабіцца адзін раз: трэба найменш разоў восем, каб разоў тры засыхала скурка на носі, разоў шэсьць абадраць твар, ды ліхтар паставіць каля вока, а лоб убраць гузам, або і двумя. Тагды толькі можна лічыць, што права на дзяліцьбу здабыта.