|
У нашаго Тамаша |
— А ты глядзі от — каб у цябе з носу не цякло, — спакойна адазваўся Тамаш, падводзючы каня да плоту, каб сесьці вярхом. Каню, відаць, ня вельмі падабаецца нясьці на сабе гаспадара, і ён, як толькі Тамаш нарыхтуецца сесьці, зараз-жэ уцекаў ад плота. Тамаш крычаў на каня, зноў цягнуў яго да плоту, покі сяк-так не ўсчарэпіўся вярхом. Начлежнікі ужо ад’ехалі далёка, як Тамаш выежджаў з двара. Ды яно і лепей. Якая яму кампанія гэтае блазэнства, толькі выскаляцца будуць, а конь і сам патрапіць за імі.
II.
Начлежнікі выбралі высокі, сухі груд, каб можна было прылегчы і разлажыць агонь. Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў, бо луг быў голы, як бубен. Спыніліся начлежнікі, спыніўся і Тамаш, ён спутаў свайго коніка, павесіў яму на шыю пярэвясла, каб заўтра скарэй знайсьці свайго каня, і прылёг ваодаль ад гэтай маладой галды.