Гэта старонка была вычытаная
У халодны дол пусценькі.
Усё чыста з поля знята -
Там адны мае зярняты.
А той вецер дзікім свістам
Дзьме па полі, полі чыстым,
Усцілае жоўтым лістам
Мае шоўкі, мае руні
Ды халодных хмар насуне.
Золкасць, зыркасць і плюхота,
Журба, смутак і тускнота,
Безлюдзь, жудзь і адзінота.
Скубуць мае руні-шоўкі
І авечкі і кароўкі.
Бо няма ім больш спажывы,
Бо раслінкі ўсе няжывы,
Бо сабраны травы, нівы.
А там сівер дыхне злосна!
Ой, як страшна стане, млосна!
Ткуць марозы кужаль белы,
Засцілаюць ім свет цэлы,
Убіраюць дол змяртвелы.
Мае шоўкі, мае руні
Скрыжыць злы мароз-дзядуня.
Пад абрусам тым кужэльным,
Пад тым холадам пякельным
Я ляжу, сплю сном смяртэльным.
Ды надыйдзе зноў вясенька,
Маладзічка весяленька.