Старонка:Rak vusach 1938.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Азваўся сакратар: -
Тут ёсць такая пляга,
Што стукне вас, як шляга,
І кіне вас у жар:
Калі хто сапраўды
Сябе няшчасным лічыць болей,
Чым наш няшчасны рак,
То ён павінен добрай воляй
Аддацца раку для яды,
Так, так!
Іначай ён не дасць і веры.
Сказаў ды зноў сеў за паперы.
Вось сказаў, дык сказануў!
Як сякерай секануў!
Прыкусілі языкі
Акунькі, мянькі, лінкі,
А маруда той, лінок,
Зараз-віль! Ды пад кусток.
І добрых мінут пяць
«Пакутнікі» маўчаць.
— На свеце жыць не так ужо і горка, -
Сказала краснапёрка: -
Плывеш сабе туды-сюды
Без гора, без бяды;
Пад кусцік зазірнеш,
Ну, часам і ўздыхнеш,
Ды больш ужо з прывычкі,
Чым з клопату якога -
Ці так кажу, сястрычкі?
— А так! Жывецца нам — нічога!
Хватае ўсім вадзічкі,
І плаваем па волі.