Старонка:Pesni galby 1910.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СЯБРОМ.
Ой, вы, сябры маі мілы,
Гдзе цяпер вы, дарагіе?
Ці схавалі свае сілы?
Ці ёсць думкі маладые?
Тые думкі, тые мысьлі,
Што нам душу валнавалі,
З-за каторых хмары звісьлі,
За што з нівы нас сарвалі?
Нас з народнай благой нівы
Разагналі па ўсім сьвеце...
Ці здаровы вы, ці жывы?
Гдзе вы, хлопцы? адгукнеце!
Ці збярэмся зноў калі мы
Ӯ нашым бедным родным краю,
Як бы птушкі пасьля зімы?
Гдзе вы, хлопцы? я гукаю!
Не, ня праўда! быць ня можэ,
Каб ня грэла цёпла сонцэ.
Наша праўда нам паможэ —
Блісьне сьвет і к нам ў ваконцэ!