Старонка:Pesni galby 1910.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БРАТОМ-ЗГНАННІКОМ.
Гэй, вы, смутные!
Гэй, вы, бедные,
Мае мілые
Сябры — згнаннікі!

Ці вы сіраты
У сямьі людзкой,
Што глядзяць на вас
Вокам ворагоў?

Ці разбоем вы
Даставалі хлеб,
Што караюць вас
Горш за злодзеёў?

Ці у вас німа
Сілы, розума,
Што прытулкі вам
Ӯсе зачынены?

Ці то сэрцэ ў вас
Цьвярдзей каменя,
Што ад вас браты
Адрэкаюцца?

Не! душа у вас,
Сэрцэ—добрые,
Думкі чыстые,
Мысьлі ясные!