Старонка:Pesni galby 1910.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

* * *

Мы ходзім спатыкаемся,
Бадзяемся, як пьяные;
Мы з голадам зрадніліся,
Худые, абарваные.
Асьмеяны, аблаяны,
Гразёю мы абмазаны,
Багатымі мы скрыўджэны,
Няволею мы звязаны.
Ӯ балоты мы адціснуты,
Загнаны мы у шчыліны;
І вочы нам завязаны,
І вушы нам зачынены.
Адно мы добра ведаем:
Хоць вечна мы блукаемся,
А ўсё-ж такі, хоць некалі,
А праўды дапытаемся.