Старонка:Pesni galby 1910.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бабы галасілі,
Дзед стары крывіўся…
Ў вадзін звон званілі,
Адзін дзяк маліўся.
О, мой братка родны!
О, мужык ты бедны!
Ӯсё жыцьцё галодны,
Худы, чорны, бледны!
Хто цябе уважыць?
Хто цябе шкадуе?
Хто за стол пасадзіць,
Чаркай пачастуе?
Біўся ты, як рыба,
Хвілі ты ня ўседзіш…
На тым сьвеці хіба
Шчасьце ты ўгледзіш!
Памёр — мала знаку.
Адзін звон пазвоніць.
Ӯ яму небараку
Кінуць, пахароняць.
Сумна і ціхутка…
Могілкі с крыжамі.
Круцяцца блізютка
Каўкі над палямі.
Жаль скаваў мне грудзі,
І нуда напала…
Каб вы зналі, людзі,
Як мне цяжка стала!

|}