Старонка:Pesni galby 1910.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАХАВАНЬНЕ.
Чую звон я нудны,
Рэдкі, невясёлы,
Дзень сягодня будны, —
Не сьвяткуюць сёлы.
Чую прычытаньне,
Чую плач я нейчы.
Скончыўся зараньне
Век твой, чэлавечэ!
Вось, труну я бачу,
Кучка йдзе народа,
Колькі жалю, плачу!
Жонцэ мужа шкода,
Мужа маладога,
Добраго Рыгора,
І сабе у Бога
Просіць сьмерці з гора…
Сёстры плачуць горка
Буйнымі сьлязамі:
„Ой, Рыгор, Рыгорка,
„Што зрабіў ты з намі?“
Двое дзетак с краю, —
Бедные сіроткі!
Цяжка будзе, знаю,
Вам, мае блазноткі!
З-заду дзед сагнуўся, —
Нудна, жаль старому.
Падыйшоў, вярнуўся
Скора поп да дому,