Старонка:Pesni galby 1910.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вы-ж у торбу маю
Клалі чэрствы кусок;
Замест рыбы — зьмяю
З сьмехам клалі ў мяшок.
Мяне мочыць раса,
Мяне сонца пячэ,
І у песьнях маіх
Сьлеза ціха цячэ,
Я па сьвеці хадзіў
Ўсюды косьці пранёс,
Я на землю праліў
Многа сьлёз, многа сьлёз!
То ня дуб у бары
Заскрыпеў, застагнаў:
Гэта я без пары
Богу душу аддаў.
Нудна звоняць званы,
То мацней, то замруць;
Адзін дзяк ля труны, —
Гэта гроб мой нясуць…
На магілцы маей
Крыж трухлявы стаіць,
А над прахам касьцей
Вольны вецер шуміць…
Я мужычы сынок,
Я ня маю дарог.
Мая школка—шынок,
Маё жыцьце — астрог!

|}