Старонка:Pesni galby 1910.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАНАС ГУЛЯЕ.
Што мне жонка! што мне дзеці?!
Эх, Панас, ва ўсё гуляй!
Ё шчэ мерка жыта ў клеці,
Хаім! піва падавай!
Наплеваць мне на падатак.
Што мне земскі, старшыня!
Хаім! люльку на ў задатак,—
Дай мне белаго віна,
Дай мне булку на поўзлоты,
Ды прыпраў мне селедца!
Ўсё прапью: халат і боты…
Пачынай, Панас, с канца!
Вот ідзе Панас, сьпевае,
Страшыць жонку і дзяцей.
Кулаком усім махае,
Пабудзіў усіх людзей
Дома ён разбушэваўся.
Дзед аборку ўжо прыпас…
Пад сталом ноч пракачаўся
Пьяны, зьвязаны Панас.