Старонка:Pesni galby 1910.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Апусьціўшы нізка
Тонкі паясок,
Ные сірацінка,
Плачэ каласок;
Плачэ, што дарэмна
Вяне у глушы,
Што нігдзе ня згледзіш
Роднае душы;
Што яго зерняткі
Птушкі падзяўбуць,
Белую саломку
Ветры разнясуць.
І, падняўшы ў гору
Стройны валасок,
Ные сіраціна,
Плачэ каласок.

|}