Старонка:Pesni galby 1910.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МУЖЫЧАЯ НІВА.
На мужычым полі
Цягнецца палоска…
Зельле яе глушыць,
Абвіла бярозка,
Ветрам паламала,
Дожджыкам прыбіла;
Навальніца з градам
Каласы скруціла.
Сіняя валошка,
Травы разрасьліся,
Палыны на межах
Густа упляліся.
Ой, мужыча ніва!
Ты — сіротка ў полі:
Німа табе шчасьця,
Німа табе долі!
Ой, ты, ніва наша!
Ці-ж ты не арана?
Ці-ж мужычым потам
Ты не палівана?
Ці то кепска сонцэ
Сьвеціць над табою,
Што зрасла ты густа
Дзікаю травою?
Заплылі вадою
Ӯсе твае разоры,
Пакапалі мышы
Па загонах норы.