Старонка:Pesni galby 1910.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВОСЕННЫ ДОЖДЖ.
Сыпяцца кроплі часта і дробна,
Ціха па стрэсе бубняць;
Смутак наводзіць шум іх жалобны,
Хочэцца плакаць, стагнаць.

Цёмная ночка, ночка глухая
Цягнецца доўга як, год.
Вецер дажджлівы панура сьпевае
Жаласна сьвішчэ праз плот.

Круцяцца думкі, сон разганяюць,
Душу туманяць яны,
Волю далёкую мне ўспамінаюць,
Дні маладые вясны.

Сыпяцца кроплі часта і дробна,
Нудна у вокны бубняць.
Смутна іх песьня, плачу падобна,
Слёзы ў тэй песьні чуваць!