Старонка:Pesni galby 1910.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ХМАРЫ.
Ціха калосься, схіліўшы галовы
Шэўчуць у межах палёў;
Толькіж ня слухае неба іх мо́вы —
Жальбы ржаных калосоў.
Сіняе небо ўсё сонцэм заліто;
Полудзень, вар, цішына.
Дожджыка просіць зялёнае жыто,
Хочэ дажджу ярына.
Вот із-за леса далёка, далёка
Хмарка на небо узыйшла;
Цёмная хмарка адна—адзінока
Вышэй і вышэй паплыла.
Ніва заціхла, замерла; здаецца,
Не скалыхнецца яна;
Змучэны колас ані пахінецца,
Поўна надзей цішына.
Думае ніва: „Дожджык пакропіць,
Смагу прагоніць палёў,
Цёмная хмарка краем хоць чэпіць
Дзетак яе — каласоў.
Бедная ніва, знаць, Богам забыта —
Дарма надзея была:
Спаленай нівы жаданьне нязбыто —
Міма хмурынка прайшла.