Старонка:Pesni galby 1910.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

МЕСЯЦ.
Ціха месяц адзінокі
Ходзіць ў небе над зямлёю.
Неразгаданы, далёкі,
Што ты бачыш пад сабою?

Бачыш слёзы ты людзкіе,
Як з расою тэй ліюцца,
Як ў тумане думкі злые
Горкім плачэм аддаюцца;

Як бяз долі і бяз хлеба
Працавіты люд наш гнецца…
Кінь ты жальбу нашу ў неба —
Нехай неба ўскалыхнецца!