Старонка:Pesni galby 1910.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НОЧ.
Між палёў шырокіх
Я адзін стаю;
Ахваціла ціша
Ўсю душу маю.
Ночэчка мая ты,
Водблеск глыбіны!
Ты душу чаруеш
Сьпевам цішыны.
Многа ў гэтым сьпеві
Оклічоў жывых:
Іх ня зловіш вухам,
Чуеш сэрцам іх.
Ночэчка мая ты,
Ціхі сон вясны!
Колькі зор на небі,
Як блішчаць яны!
Водблескам пажароў
Неба край гарыць —
Там двурогі месяц
Землю сьцеражыць…
Ночэчка мая ты,
Ціхая дума!
Не ахваціш вокам,
Ды і слоў німа
Апісаць абраз твой,
Хараство, спакой,
Толькі ў цябе ўнікнеш
Чуткаю душой.