Старонка:Pesni galby 1910.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВЯЧЭРНІЕ ХМАРКІ.
Сонейко заходзіць,
І кладуцца цені,
І плывуць хмурынкі
Ў ціхім задуменьні.
Бедые валокны
Сонейкам заліты.
Вольны ім дарогі,
Сьцежкі ім адкрыты.
Хмаркі залатые!
Вы — прастора дзеці;
Ходзіце вы вечна
Па ўсім белым сьвеці.
Праплывеце-ж, хмаркі,
І над родным краем,
Над мужычым полем,
Над зялёным гаем.
І заплачце хмаркі,
Над мужычай нівай,
Над яго лугамі.
Загрыміце громам,
Стаўшы цёмнай хмарай,
Толькі не пабійце
Збожа градам, бурай…
Хмаркі залатые,
Сонца, неба дзеці!
Вы прывет мой шчыры
Ӯ вёску занясеце!