Старонка:Pesni galby 1910.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маладые дні дзяціны,
Дзявочые леты,
Радасьць, жыцьця і нягоды,
Сваркі, трасяніны —
Ўсё, чым жыцьцё спатыкае
Цяжкую часіну,
Усё прыпомнілась старэнькай.
Горка беднай стала, —
Галаву на грудзь схіліла.
Прасьці перэстала.

* * *

Муж — нябошчык ўсплыў на думку—
Рана сьмерць скасіла!
Дробных дзетак ён пакінуў…
Без пары магіла.
Жыў ён бедна. Спадзеваўся
Свой прыдбаць куточэк:
Хату вывясьці, зямелькі
Прыкупіць шматочэк.
Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
Жыцьцё пад’ярэмна…
Ды ня выйшоў с пад няволі,
Біўся век дарэмна.

* * *

Гасьне корчык на камінку.
Пацямнела ў хаце.
Поўнач пеўні пракрычалі,
Ды ня сьпіць ўсё маці.
Цягне нітку. Вераценцэ
З рук упаўшы грукне.