Старонка:Pesni galby 1910.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДУМКІ У ТУРМЕ.
Сохну марне я ў вастрозі,
Дарма трачу сілы;
Рвецца дух мой на свабоду
Із турмы — магілы…
Шкода хаткі мне старэнькай
З латанай стрэхою,
Што над Нёмнам пахілілась
Горкай сіратою;
Шкода мне зялёнай нівы,
Што шуміць у полі,
То́га дуба, што над рэчкай
Карэніцца ў долі;
Шкода мне гаёў раздольных
І лугоў прастора,
Гдзе пад ветрам хваля ходзіць
Травянога, мора;
Шкода сьветлай ручаінкі
У берагох песчаных,
Што, як срэбра, быстра льецца
Прамеж гор курганоў;
Шкода вёсак запусьцелых,
Гдзе мужык гаруе,
Гдзе зімою вецер вее,
Кудаса шнуруе…
Гэта — образы краіны
Беларусі роднай…
Край ты, край мой! міл ты сэрцу,
Цёмны край, галодны!