Старонка:Paulinka.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

——— 24 ———


СЬЦЯПАН. Пойдзем, каханенькі-родненькі. (Абымаюцца і, сланяючыся, выходзяць, напяваючы)

Чаму-ж нам ня пець,
Чаму-ж ня гудзець,
Калі ў нашых хатачках
Парадак ідзець?

Зьява XI-ая. Паўлінка — Агата.

ПАЎЛІНКА. Але-ж калі я яго люблю, цётачка!

АГАТА. Мала што, дзеткі. тудэма-сюдэма, любіш яго, але, калі бацька ня хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш?

ПАЎЛІНКА. А што там людзі? Яны з ім жыць за мяне ня будуць і па маей сьмерці за мяне пакутаваць ня будуць. Пагавораць, пагавораць, ды перастануць, як намазаляць языкі.

АГАТА. Як уважаеш, мае дзеткі. Што-ж, я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.

ПАЎЛІНКА (заламаўшы рукі на каленях). Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.

АГАТА. Ўсе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на другі лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты — танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, — патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.

ПАЎЛІНКА (як-бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў... Хораша так аб усім расказываў... як трэба жыць, як працаваць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго.