Старонка:Paulinka.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

——— 10 ———

і сказалі: так і так, наш добры бацечка, — я люблю Паўлінку, а я люблю Якімку — вельмі-вельмі моцна, так, што і жыцьця нам аднаму без аднаго нямашака, ну, дык супакойце нашы сэрцайкі: дайце нам пазваленьне ўзяць — ды пажаніціся…

ПАЎЛІНКА. Э-э!!. Ня туды, мой ты дурненькі Якімка, паехаў! Уедзеш гэтак у нерат, што ні ўзад, ні ўперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк-так, як табе ня раз я і казала, але з старым — дык чыстая бяда, настаяшчае гора. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога ня выдзеўбеш. «На парог, кажа, каб і ня важыўся паказацца; мазгаўню, кажа, гаду пашчапаю»! Вось і рабі з ім што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіў-бы цябе. Ну, і гдзе-ж у такім разе набрацца сьмеласьці ісьці кленчыць перад ім і прасіць пазваленьня?.. Задасьць такога пытлю і табе і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе.

ЯКІМ. Так, то яно так! Але я неяк усё яшчэ надзеі ня трачу, — а ну-ж адпусьціцца. Быў-жа такі час, што мяне любіў, ды нават у бядзе то тады, то сяды памагаў.

ПАЎЛІНКА. Быў час, але вадою сплыў. Памагаў, пакуль ня ўбачыў, што трэба і дачкой памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песьню цяпер пяе. Нож точыць… востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіў і каго я палюбіла… (Устаючы, горача). І на векі вечныя любіць буду. (Ідзе і папраўляе падушкі, за ёй — Якім, абымае — і садзяцца, абняўшыся, абое на ложку).

ЯКІМ (памаўчаўшы, ласкава). Паўлінка!

ПАЎЛІНКА (сьмяючыся). Ізноў забыўся, як завуся?