Старонка:Panich i dziauchyna.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

III

Збірае дзяўчына
У гаю суніцы
І бачыць — хлапчына,
60 Паніч белаліцы.

І роніць ёй словы:
«Дзяўча, бойся бога!
Я ўехаў у ровы,
Хіба ж то дарога?

Слядоў ад павозкі
Не згледзіш і знаку,
Хіба мо хто з вёскі
Працягне дзярвяку.

Палюю ад рана,
70 З дарогі я збіўся —
І сам змардаваны,
І конь затаміўся.

Язда безупынку
І прага даймае.
Пушчу на хвілінку
Папасвіць каня я».

Пачціва скланіўся,
З каня ён саскочыў.
Твар дзеўчы змяніўся,
80 Спусціла ў дол вочы.

І слоў ані слыху.
Па хуткай жа хвілі
То ўголас, то сціха
Яны гаварылі.

Ды ветрык там дзьмухаў
У лес, у дубровы,
І я не даслухаў
Хлапецкай размовы.