Старонка:Paltava.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Была Марыя, бы ў агні,
І не піла яна, не ела,
100 Хадзіла плачучы, як цень,
І не сплючы. На трэці дзень
Яе святліца апусцела.
Ніхто не знаў, калі і як
Сышла яна. Адзін рыбак
Чуў конскі тупат а той ночы,
Казацкі голас і дзявочы,
Ды ранкам след васьмі падкоў
Адбіўся на расе лугоў.

Не толькі пух юнацкіх шчок
110 Ды кучмы русыя, вітыя,
Падчас і старца строгі зрок
І валасы яго сівыя
У мары палкае красы
Кладуць прывабу галасы.

І вось да слыху Качубея
Прыйшла, як з грому, навіна:
Забыла гонар, стыд яна —
Яна ў абнімках ліхадзея!
Ганьба!.. Бацькі — ды як жа ім
120 Паверыць гутаркам людскім?
І толькі зараз праўда гэта
Раскрыта ў жудасці сваёй.
І толькі зараз зразумета
Душа бяглянкі маладой.
І толькі зараз стала яўна,
Чаму ўнікала самапраўна
Яна замуства, як акоў,
Тамленнем тайным уздыхала
І ўсе залёты жаніхоў
130 Маўчаннем гордым сустракала,
Чаму так ціха за сталом
Яна за гетманам сачыла,
Калі бяседа гаманіла,
Як чаша поўная віном;
Чаму яна заўжды спявала
І тыя песні, што ён сам