Старонка:Paltava.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Той абурлівы гнеў Пятра?
50 Грыміць анафема ў саборах,
Мазепаў від катуе кат
І чыніць Рада ў вольных зборах
Другому гетману пасад.
З пустынных далеч Енісея
Ўжо сем'і Іскры, Качубея
Паспешна вернуты Пятром.
Ён з імі слёзы пралівае,
Ён іх ласкае, адарае
Пашанай новай і дабром.
60 Мазепаў вораг, коннік слаўны,
Старык Палей, як паўнапраўны,
Паклікан з ссылкі ў царскі стан.
Дрыжыць мяцеж асірацелы,
На пласе гіне Чэчаль смелы
І запарожскі атаман.
І ты, кумір ваяцкай славы,
Для шлема кінуўшы вянец,
Твой блізак час, і вал Палтавы
Здалёк угледзеў пад канец.

70  І цар туды ж дружыны рушыў.
Яны, як бура, наплылі.
Абодва станы чутка вушы
І вочы востра напраглі.
Не раз пабіты ў схватцы смелай,
Зараней кроўю ап'янелы,
З байцом жаданым пад канец
Так грозна сходзіцца баец.
У злосці бачыць Карл магутны
Ужо не той натоўп бяспутны
80 Няшчасных нарвскіх беглякоў,
А шнур палкоў бліскучых, стройных,
Паслушных, быстрых і спакойных
І непахісны рад штыкоў.
Ды ён рашыў: узаўтра бой.
Спіць шведскі стан, як ноч, сурова,
А пад палаткаю адной
Вядзецца шэпатам размова.