Старонка:Paltava.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яны бягуць. Хрыпяць іх коні.
Пачуўся дзікі клік пагоні,
Вярхом — і скачуць малайцы
Наўскапыта ва ўсе канцы.

Бягуць імгненні дарагія,
490 Ды не вяртаецца Марыя.
Ніхто не ведаў, не чуваў,
Куды і як яна прапала.
Мазепа моўчкі скрыгатаў,
І чэлядзь, сціхнуўшы, дрыжала,
Атруту ў сэрцы несучы,
Запёрся гетман на ключы
І там пры ложу ў цемры ночы
Сядзеў і хоць бы самкнуў вочы,
Боль цяжкіх мук зазнаючы.
500 На ранні высланыя слугі
Назад вяртаюць па начы.
Ледзь коні сунуцца. Папругі,
Аброць, падковы, чапракі —
Было ўсё пенаю пакрыта,
Ў крыві, пагублена, пабіта,
Але аб дзеўчы ні адзін
Ніякіх не прынёс навін.
І след яе, знак існавання,
Прапаў, як гук у цьме пустой,
510 І адна маці ў мрок выгнання
Панесла гора з ліхатой.

Песня трэцяя

Душы глыбокі сум і жаль
Імкнуцца з думкай дзёрзка ўдаль,
Аднак Мазепе не мяшае,
І, цвёрды ў намысле сваім,
Ён мыслі носіць аб адным
І з Карлам зносін не спыняе.
Між тым, каб лепей ашукаць,
Адвесці вочы падазрэнню,
Ён дактароў пачаў склікаць
10 На ложы ўяўнага мучэння.