Старонка:Paltava.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Звярынай радасцю шчаслівы,
За чуб злавіў іх кат маўклівы
І ў натужэнні руку ўзнёс
Ды над натоўпам іх патрос.

450  І кончана. Народ нядбайны,
Рассыпаўшыся, йдзе дамоў
І пра штодзённы шлях звычайны
Павесці гутарку гатоў.
Пусцее поле, заціхае.
І вось — жанчына і другая
Бягуць, паспешнасці паўны.
У пылу, стомлены яны
І к месту жудаснай падзеі
Нясуць трывогі і надзеі.
460 "Запозна!" — хтосьці ім сказаў
І ў поле пальцам паказаў.
А там памост ужо ламалі,
Маліўся ў чорных рызах поп,
І на павозку падымалі
Два казакі дубовы гроб.

Адзін прад коннай чарадой
Мазепа грозен аддаляўся
Ад месца кары. Ён згрызаўся
Страшэннай нейкай пустатой.
470 Ніхто насустрач не спяшаўся,
І сам ён слова не казаў.
У пене конь яго імчаў.
Дамоў прыехаў. «Што Марыя?» —
Спытаў Мазепа, і не ў тон
Адказы чуюцца глухія...
Міжвольны страх бярэ ў палон;
У дом ідзе, глядзіць — святліца
Адна, пустая, ні душы.
Ён — ў сад. Шнуруе між куп ніцых,
480 І каля сажалкі ў глушы,
І на прагалах санцавейных —
Няма нідзе яе слядоў.
Сышла. Ён кліча слуг надзейных,
Сваіх прыдворных сердзюкоў.