Старонка:Paltava.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У строях лад бяруць палкі.
Бурляць натоўпы. Сэрцы млеюць.
Дарога, як змяіны хвост,
Народу поўна, мітусіцца.
410 Срэдзь поля жудасны памост,
На ім гуляе, весяліцца,
Ахвяры прагне свае кат.
То ў рукі белыя, як хват,
Бярэ тапор у гульні дзікай,
То кіне жарт у тлум бязлікі.
Усё злілося ў шум адзін:
Жаночы крык і смех і грукат.
Вось голас жудасных навін.
І сціхла ўсё, і толькі тупат
420 Пачуўся конскі ў цішыні:
Там са сваімі сердзюкамі
Вяльможны гетман з старшынямі
Скакаў на вараным кані.
А там, па кіеўскай дарозе,
Павозка йшла. Туды ў трывозе
Глядзелі тысячы вачэй.
У ёй, з усімі пагаднёны,
Гарачай верай узмацнёны,
Сядзеў нявінны Качубей.
430 З ім Іскра, ціхі, безгалосы
І як ягня пакорны лёсу.
Павозка стала, і затым
Маленне гучна пачалося.
З кадзіл узняўся ўгору дым.
За душы іх у марным лёсе
Маўкліва моліцца народ,
Як за пакутнікаў. І вот
Ідуць яны, ўзышлі. На плаху
Кладзецца крыжам Качубей.
440 Як у труне, змоўк тлум людзей,
Сякера бліснула з размаху,
І адляцела галава.
Ўсё поле вохнула. Другая
Ёй следам коціцца, мільгае,
Крывёй акроплена трава.