Старонка:Paltava.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Праз лёгкі сон, што нехта к ёй
Вайшоў і ног яе крануўся.
Раскрыла вочы, ды ў міг той
340 З усмешкай зрок яе самкнуўся
У ззянні коскі залатой.
Марыя рукі працягнула
І з ціхай ласкаю шапнула:
«Мазепа, ты?» Ды голас ёй
Другі адказвае... О Божа!
Глядзіць і бачыць: быць не можа:
Прад ёю маці!

Маці

Цс! Маўчы.
Не загубі нас. Я ўначы
350 Сюды пранікла асцярожна
З адзінай слёзнаю мальбой.
Сягоння смерць. Табе адной
Адвесці лютасць іх і можна.
Ратуй айца!

Дачка (з жахлівасцю)

Якая смерць?

Маці

Ці ж ты нічога
Яшчэ не знаеш? Не, нябога,
Ты не ў пустыні. Мусіш знаць,
Як можа гетман страх нагнаць
360 І як ён ворагаў карае,
Як слых яму сам цар схіляе.
Але гаротную сям'ю
Ты адкідаеш для Мазепы,
Цябе я ў сне тут застаю,
Калі суд чыняць люты, слепы,
Калі чытаюць прыгавор
І бацьку ставяць пад тапор.
Як бачу, мы цяпер чужыя.
Дачка, апомніся! Марыя,
Бяжы, ўпадзі да яго ног.
Ратуй айца! Будзь ангел, Бог.