Старонка:Paltava.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Ды захаваў я скарб апошні,
Мой трэці скарб — помсту сваю.
І скарб той богу аддаю.

Орлік

Пакінь пустыя разгалосні!
Стары! твой блізак ужо час.
Жывіся мысляю суровай
І не жартуй. Давай адказ,
230 Калі не хочаш пыткі новай:
Кажы, дзе грошы?

Качубей

Злы халоп!
Ці будзе край бязглуздым сказам?
Счакай крыху. Дай легчы ў гроб,
Тады ідзі з Мазепам разам
Набытак мой, дабро лічыць
Рукамі, кроўю залітымі,
Мае падвалы ўсе бурыць,
Паліць сады, будынкі з імі.
240 Хай вас вядзе дачка мая:
Яна сама пра ўсё раскажа,
Сама ўсе скарбы вам пакажа.
Ды імем бога малю я —
Пакінь цяпер мяне ў спакою.

Орлік

Дзе сховы скарбаў? Пакажы!
Не хочаш? Грошы дзе, скажы,
А не — дык здарыцца не тое.
Падумай: вызнач месца, час.
Маўчыш? Гэй, кат, сюды! — І ўраз
250 З'явіўся кат...
О ноч пакуты!
Але дзе гетман-ліхадзей?
Куды ён збег, злачынец люты,
З змяінай совесцю сваей?
Святліца ўтульная маўкліва.
Дзяўча, няведаннем шчасліва,
Спакойна спіць, а побач з ёй