Старонка:Paltava.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Сяброў на смерць вясці з сабой,
Чуць над труною іх праклёны,
Нявінным лёгшы пад тапор;
Варожы стрэўшы прыгавор,
Упасці ў смертныя заслоны,
Не заказаўшы нікаму
160 Адпомсціць ворагу свайму!..

І ўспомніў ён сваю Палтаву,
Абыклы круг сям'і, гасцей,
Мінулых дзён багацце, славу
І песні дочухны сваей,
І дом стары, дзе ён радзіўся,
Дзе ведаў труд і ціхі сон,
І ўсё, чым жыў і весяліўся,
Што дабравольна кінуў ён.
І для чаго?
170  Ў замку іржавым
Ключ загрымеў — і знікнуў сон.
Няшчасны думае: вось ён!
Вось па шляху маім крывавым
Мой правадыр у смертны час,
Духоўнай болі ўрач-цаліцель,
Слуга Хрыста — ён, наш збавіцель,
Быў на крыжы распят за нас.
Яго святую кроў і цела
Прыносяць дух мой падкрапіць,
180 Каб смерці час прыняць мне смела
І да збавення далучыць.
І ў скрусе, з болесцю сардэчнай
Гатоў няшчасны Качубей
Прад усясільным і спрадвечным
Раскрыць тугу жальбы сваей.
Ды не пустэльніка святога,
Ён пазнае гасця другога:
Зноў люты Орлік перад ім
З агідным допытам сваім.
190 Пакутнік з горыччу пытае:
«Ты тут, ліхі мучыцель, шпег?
Нашто апошні мой начлег
Яшчэ Мазепа парушае?»