Старонка:Paltava.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Мазепа

120 Адказ давай!

Марыя

Ты бледны. Гутарка сурова...
О, не сярдуй! На ўсё гатова!
Я ўсё аддам табе, павер!
Ды страшны словы мне такія.
Даволі!

Мазепа

Памятай, Марыя,
Што ты сказала мне цяпер.

Лагодна ўкраінская ноч.
Празрыста неба. Зоры ззяюць.
130 Паветра веек сонных ноч
Раскрыць не хоча. Чуць хістаюць
Лісцём таполі ў цішыні.
Спакойна месяц з вышыні
Над Белай Цэрквай бляск раняе
І пышных гетманаў сады
І стары замак асвятляе.
І ціха, ціха ўсё кругом.
Ды ў замку шопат, замяшанне.
У цёмнай вежы пад акном,
140 У цяжкім, горкім разважанні,
Закуты, Качубей сядзіць
І ў неба, пахмурны, глядзіць.

Назаўтра смерць. Але без страху
Ён мысліць аб крывавым жаху
І аб жыцці не плача ён.
Што смерць яму? Жаданы сон.
Гатоў ён легчы ў змрок магілы.
Змагае сон. Ды Божа мілы!
Да ног злачынцы пасці ў прах,
150 Як тое немае стварэнне!
Царом адданым быць — о, жах! —
Царову здрадніку ў ганьбенне!
Згубіць жыццё, з ім гонар свой.