Старонка:Paltava.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Цяпер табе не мілы ласкі,
Цяпер яны табе дакучны.
Ты цэлы дзень паміж старшынь...
Піры, раз'езды — я забыта;
40 Ты доўгай ноччу ці адзін,
Ці з жабраком, ці ў езуіта.
Любоў пакорная мая
Адну і ведае суровасць.
Ты піў нядаўна, знаю я,
За Дульскую. Мне гэта новасць.
Хто гэта Дульская?

Мазепа

Пакінь!
Ці ж мне, скажы, у мае годы
Шукаць падобнае прыгоды —
50 Пышлівых ласк пустых княгінь?
Ці стану я, старык суровы,
Як нейкі блазан уздыхаць,
Насіць ганебныя аковы,
Жанчын прытворствам спакушаць?

Марыя

Ты мне кажы без адгаворак,
Адказ праўдзіва, проста дай.

Мазепа

Твой непакой душы мне горак,
Дык ведай праўду ўсю і знай:
Даўно замыслілі мы справу,
60 Цяпер яна кіпіць у нас.
Ды не на ўцеху і забаву,
А на змаганне спее час.
Без мілай вольнасці і славы
Узняць не смелі галавы
Мы пад апекаю Варшавы,
Пад самаўладнасцю Масквы.
Ды незалежнаю дзяржавай
Украйне быць ужо пара,
І штандар вольнасці крывавай
70 Я падымаю на Пятра.