Старонка:Paltava.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

І будзе цьмяніць сваю славу?
Хто ў абурэнні Станіславу
Адмовіў, помачы не даў?
Ён адхіліў вянец Украйны,
А дагаворы, пісьмы, тайны
450 Цару законна адаслаў.
Хіба не ён намовам хана
І цараградскага султана
Быў глух? Стараннем гаручы,
Каб царскіх ворагаў змагчы,
Заўсёды рад быў меч крывавіць,
Турбот жыцця ён не жалеў,
І зараз вораг злобны смеў
Яго сівіны так зняславіць.
І хто? хто? Іскра, Качубей!
460 Так доўга будучы сябрамі!..
І з крыважэрнымі слязамі,
У жорсткай дзёркасці сваей
Іх смерці прагне ліхадзей.
Чыей... старык ліхі, зацяты!
Чыю ж дачку ласкае ён?
Але без жалю гоніць вон
Ён сэрца голас непрыняты.
Ён кажа: «Не! у той цяжбе
Няроўна сілы, неразумны!
470 Ён сам, гардлівец неадумны,
Тапор сам вострыць на сябе.
Куды бяжыць, закрыўшы вочы?
На што надзеі класці хоча?
Або... ды доччына любоў
Жыцця бацькоўскага не купіць.
Любоўнік гетману саступіць,
А не — мая пральецца кроў».

Марыя, мілая лілея,
Краса ўкраінак маладых!
480 Ці знаеш ты, якога змея
Ласкаеш на грудзях сваіх?
Якой жа ўладаю нязнанай
Ты моцна так прыцягнена?
Каму ў ахвяру аддана?