Старонка:Paltava.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Данос на сільнага зладзея
Непракананаму Пятру
Да ног паложыць, не знямее?»

Паміж палтаўскіх казакоў,
Дзяўчом няшчасным непрызнаных,
Адзін даўно, з малых гадоў
Кахаў яе самааддана.
Вячэрняй, ранічнай парой
340 На роднай рэчцы, пад гарой,
У цені вішань ці чарэшань
Бывала ён яе чакаў
І ў тым чаканні гараваў
І быў спатканнем з ёй суцешан.
Ён без надзей кахаў яе,
Не дакучаў ён ёй мальбою:
Знявагі б ён не знёс свае.
Калі наплылі чарадою
К ёй жаніхі, ён з іх радоў,
350 Панылы, сумны, аддаліўся.
І вось калі між казакоў
Ганебны слых аб ёй расплыўся
І безжалосна гамана
Яе са смехам шальмавала,
І тут над хлопцам захавала
Правы абыклыя яна.
Але калі хто, хоць выпадкам,
Пры ім Мазепу называў,
То ён бляднеў, згрызаўся ўкрадкам
360 І вочы ў землю апускаў.

Хто ў зорнай чуткай цішыні
Так позна едзе на кані?
Чый гэта конь няўтомны, ладны
Бяжыць па стэпу неаглядным?

Казак на поўнач шлях дзяржыць,
Казак не хоча адпачыць
Ні ў чыстым полі, ні ў дуброве,
Ён вір прайсці напагатове.