Старонка:Na rostaniah 2.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

загнаў Лабановіча ў гурбу, дзе ён знайшоў апору і спыніўся. Настаўнік папікнуў сябе за лёгкадумнасць. Ён павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам.

«А ўсё-ж-такі дайду!» — сказаў Лабановіч сам сабе і накіраваўся ў бок пісаравай кватэры.

Абсыпаны снегам, як мельнік мукою, барукаючыся з ветрам, часамі ўступаючы яму, часамі пераадольваючы яго, настаўнік нарэшце ўзлез на валасны ганак. Ён доўга стукаў у дзверы, але ніхто не падыходзіў. «Або не чуюць, або думаюць, што ў дом прэцца нейкі бадзяга», — падумаў Лабановіч. Пастукаў яшчэ раз — ніякіх адзнак жыцця. Ён ужо хацеў ісці назад, аж раптам грукнула засаўка.

— Хто там? — пачуўся голас з сярэдзіны.

— Сусед ваш, настаўнік.

Стораж упусціў настаўніка ў дом, паказаў пісараву кватэру. Лабановіч зняў паліто, атрос снег.

Пісар Васількевіч сядзеў у сваім запаветным пакойчыку, дзе ён часта любіў заставацца ў самоце, праўда, не ў поўнай, бо з ім звычайна была бутэлька гарэлкі, якую ён сяды-тады падносіў да сваіх пісаравых губ.

— Рад, рад! — прамовіў гаспадар, хоць выраз яго твару не сведчыў аб радасці. Пісар быў чалавек сярэдніх год і меў прафесарскі выгляд — строгі, сур’ёзны і нават сярдзіты. Акуратна падстрыжаная бародка-лапатка асабліва падкрэслівала гэты інтэлігенцкі выгляд.

— Як-жа гэта вы ў такое надвор’е? — запытаў пісар, не праяўляючы ніякай зацікаўленасці да асобы настаўніка.

— Для добрага суседа хіба можа быць перашкодаю дрэннае надвор’е? — падкрэслена ветліва і з прытоенаю насмешкаю запытаў Лабановіч. Але і гэта не кранула пісара. Ён сядзеў пануры і чымсьці незадаволены.

— А чаму вас прыслалі сюды? — нечакана запытаў пісар.

— Каго-ж-небудзь ды трэба прыслаць, каб у школе работа была.

— Работа, — паўтарыў пісар і дадаў: — Гледзячы, якая работа… Нешта нашы настаўнікі праз меру да народа горнуцца, збіваюць яго з правільнай дарогі, —