Старонка:Na rostaniah 1.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

I

— А, гэта ты, бабка! Ну, прысядзь, пагаворым трохі!

— Я пастаю, панічок… У вас так ціха, я думала, што вы ўжо спіцё, а вы ўсё з гэтай кніжкай, — сказала, прысаджваючыся, бабка. — Прабачайце, панічок: я прышла запытацца — ці баліць яшчэ ў вас галава, ці перастала?

— Перастала, бабка, перастала! — сказаў малады настаўнік, звярнуўшы ўвагу на сваю галаву і як-бы прыслухаўшыся да яе. — Забыўся нават, што яна і балела!

— Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далі-бог, шаптала!

— Ты і мне шаптала? — здзівіўся настаўнік. — Калі-ж гэта ты ўмудрылася пашаптаць? Я нават і не прымеціў.

— Вот вы тут сядзелі, чыталі, а я з кухні праз дзверы шаптала… Не гневайцеся: далі-бог, шаптала!

Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прышла ў незвычайны рух, вочы яе ажывіліся, а на твары адзначылася ўнутраное перакананне ў сіле свае здольнасці.

— Напэўна гэта ты мне памагла, бабка, — сказаў настаўнік, усміхнуўшыся.

— Ой, панічыку, вы ўсё смеяцеся, не даеце веры. Не верыце ніяк мне, старой!