рае слова наконт гэтага месца, якое мела той вялікі козыр, што ляжала каля чыгункі. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоі, пан падлоўчы гукнуў, павярнуўшыся да другое палавіны дома:
— Габрынька!
— Зараз, татка! — адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок.
Следам за гэтым пачуліся лёгкія і частыя крокі, і ў пакой увайшла малодшая дачка пана падлоўчага. Такімі-ж борздымі крокамі падышла яна і да госця, працягнула яму сваю яшчэ дзіцячую руку, зрабіўшы прысяданне, якое Лабановіч бачыў першы раз. Ён нават спалохаўся: яму здалося, што гэта маленькая паненачка прысела ад таго, што ён наўмысля наступіў ёй на нагу.
— Чэсю! — зноў гукнуў падлоўчы.
Крыху счакаўшы, скробаючы ботамі, у пакой увайшоў меншы сын Баранкевіча, хлопчык гадоў дзевяці, даволі панурага выгляду, з вялікаю кучараваю галавою и прыгожым тварам. Паздароўкаўшыся з настаўнікам, Чэсь моўчкі сеў каля кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка.
Папрасіўшы прабачэння, падлоўчы адлучыўся, пакінуўшы Лабановіча з дачкою і сынам.
Панна Габрыня, смуглая, строгая і сур’ёзная дзяўчынка-падлетак, звярнулася да Лабановіча з прыветнаю ўсмешкаю:
— Пан любіць музыку?
— Вельмі люблю, — прамовіў Лабановіч.
Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла яе і пусціла.
Мяккія, ласкавыя гукі стройным сугалоссем паліліся па пакоі, напаўняючы яго прыемным звонам і навяваючы якіясь добрыя, ціхія чары. Няясныя вобразы ўсплывалі самі сабою, аб чымсі казалі і клікалі невядома куды, а на сэрцы аставалася пачуванне ўтраты чагось далёкага, чаго ўжо не вернеш нколі і аб чым можна толькі ўспамінаць. Усе-ж дробязі жыцця, увесь будзённы клопат, мут душы, — усё гэта знікала, адступала перад чарамі хараства. Скуль-жа гэты смутак? Аб чым ён? Ці не ёсць гэта тое няяснае адчуванне ха-