Старонка:Na rostaniah 1.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

38 Настаўнік, хоць і з неахвотаю, згадзіўся.

— Прыязджайце да нас, будзем вельмі рады, — сказаў а. Кірыл, ужо седзячы на каламажцы.

Лабановіч застаўся адзін. У пакоіку стала так ціха, што ён мімаволі звярнў на гэта ўвагу. І была ў гэтай цішы маркота, якую пачуў ён тут першы раз. Яго пацягнула на свежае паветра, на волю. Тут ён прыпомніў, што сын самага блізкага суседа яго, пана падлоўчага, хоць і мае хадзіць вучыцца, не прышоў. І не прышоў напэўна з тае прычыны, што падлоўчы не лічыў шляхетным пасылаць сына, не пабачыўшыся і не перагаварыўшы з настаўнікам, бо ён тут чалавек новы, незнаёмы. Сам-жа падлоўчы не належаў да тутэйшага насельніцтва, патрэбы якога абслугоўвала гэта школа.

Пасля абеду Лабановіч сабраўся прайсціся. Ён вышаў на двор. На вуліцы было столькі гразі, што перайсці яе ў настаўніка не хапіла адвагі, і ён зараз-жа вышаў на вузкую сцежку, якая вяла на чыгунку. Гэта было адзінае месца, дзе можна было хадзіць, не баючыся гразі. Узышоўшы на чыгунку, настаўнік прыпыніўся, як-бы разважаючы, у які канец накіравацца. Вакол было ціха. Далёка беглі ўздоўж дарогі высокія тэлеграфныя слупы з белымі гугачкамі і роўна нацягнутым дротам. Ветру не было, а дрот бесперастанку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казка гэтых панурых лясоў і балот Палесся. З боку раз’езду чыгунка, пралёгшы спачатку раўнюсенечкаю сценкаю, праз вярсту рабіла залом і гублялась дзесь у лесе. У процілежным баку дарога ішла роўна на далёкай адлегласці. Было нават відаць, як выступаў з далечы дамок трэцяй будкі. Адтуль ледзь прыметна пасоўвалася чалавечая постаць. І трудна было вызначыць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок. Гэтая малюсенькая фігурка адна, здавалася, ажыўляла гэты пануры і ціхі краявід, дзе ўсё як-бы знікла або прытаілася.

— Пайду насустрач, — вырашыў Лабановіч.

Фігурка была так далёка, што мела выгляд тоненькага маленькага калочка. Яна ішла сюды, але трудна было адгадаць, хто гэта быў: мужчына ці кабета. Адлегласць між Лабановічам і фігуркаю змяншалася.